Сакратарыят – гэта міжнародны персанал, які працуе ва ўстановах па ўсім свеце і які выконвае разнастайную паўсядзённую работу Арганізацыі. Ён абслугоўвае і іншыя галоўныя органы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ажыццяўляе прынятыя імі праграмы і палітычныя ўстаноўкі. На чале Сакратарыята стаіць Генеральны сакратар ААН, які прызначаецца Генеральнай Асамблеяй па рэкамендацыі Савета Бяспекі тэрмінам на 5 гадоў з магчымасцю перавыбрання на новы тэрмін.

Абавязкі, якія выконваюцца Сакратарыятам, гэтак жа разнастайныя, як і праблемы, якімі займаецца Арганізацыя Аб'яднаных Нацый: ад кіраўніцтва міратворчымі аперацыямі да пасрэдніцтва ў міжнародных спрэчках, ад складання аглядаў эканамічных і сацыяльных тэндэнцый і праблем да падрыхтоўкі даследаванняў па правах чалавека і ўстойлівым развіцці. Акрамя таго, персанал Сакратарыята арыентуе і інфармуе сусветныя сродкі інфармацыі аб рабоце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый; арганізуе міжнародныя канферэнцыі па праблемах сусветнага значэння; сочыць за выкананнем рашэнняў органаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ажыццяўляе пераклад выступленняў і дакументаў на афіцыйныя мовы

Цэнтральныя ўстановы ААН размешчаны ў Нью-Ёрку, аднак Арганізацыя падтрымлівае значную прысутнасць у Жэневе, Вене і Найробі. Аддзяленне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Жэневе служыць цэнтрам дыпламатычных нарад і форумам для абмеркавання праблем раззбраення і правоў чалавека. Аддзяленне Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Вене з'яўляецца штаб-кватэрай Арганізацыі ў частцы міжнароднага кантролю за злоўжываннем наркотыкамі, папярэджання злачынстваў і крымінальнага судаводства, мірнага выкарыстання касмічнай прасторы і міжнароднага гандлёвага права. Аддзяленне ААН у Найробі служыць цэнтрам дзейнасці Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у галіне населеных пунктаў і аховы навакольнага асяроддзя.