10 снежня 2018 года споўнілася 70 гадоў з дня прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (УДПЧ), якая ўпершыню зацвердзіла роўныя і неад'емныя правы кожнага чалавека ў свеце. Каб адзначыць юбілей Дэкларацыі, Арганізацыя Аб'яднаных Нацый у Беларусі супольна з дзяржаўнымі ўстановамі краіны зладзілі шэраг урачыстых мерапрыемстваў.

Па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у нашай краіне ўпершыню за шмат гадоў была выдадзеная Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека на беларускай мове. Тэкст Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека на беларускай мове быў спраўджаны Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Прэзентацыя памятных асобнікаў Дэкларацыі адбылася ў Дзень правоў чалавека, 10 снежня 2018 года, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.


У цырымоніі ўзялі ўдзел Пастаянны каардынатар ААН у Рэспубліцы Беларусь Іаана Казана-Вішнявецкі, намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Дапкюнас, намесніца старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Ражанец і Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Раман Матульскі.


У сваім выступе падчас прэзентацыі спадарыня Іаана Казана-Вішнявецкі адзначыла: “Цягам года Арганізацыя Аб'яднаных Нацый супрацоўнічала з Беларуссю ў кірунку прасоўвання і інтэграцыі стандартаў у галіне правоў чалавека, выкладзеных ва Усеагульнай дэкларацыі, у нацыянальныя заканадаўства і практыку. Мы працавалі з урадам і грамадзянскай супольнасцю ў шмат якіх сферах, якія ўплываюць на правы чалавека, у тым ліку дапамагалі ўраду ў ажыццяўленні Нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека на 2016-2019 гг.”.

 

Асобнік Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека на беларускай мове быў перададзены ў Нацыянальную бібліятэку краіны.

nlb 22

 

Пасля ўрачыстай цырымоніі адбыўся круглы стол акадэмічных, адукацыйных і грамадскіх устаноў Беларусі “Адукацыя ў сферы правоў чалавека”, прысвечаны 70-годдзю УДПЧ.

З электроннай версіяй Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека на беларускай мове можна азнаёміцца па адрасе https://bit.ly/2zR4cL6.

cover declaration

СПАМПАВАЦЬ ДЭКЛАРАЦЫЮ