Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC)

Міжнародная фінансавая карпарацыя (IFC) з’яўляецца адной з арганізацый Групы Сусветнага банка і найбуйнейшай установай у галіне глабальнага развіцця, якая працуе выключна з прыватным сектарам развіваючыхся краін.IFC logo Eng

Арганізаваная ў 1956 годзе, IFC знаходзiцца ва ўласнасцi 184 дзяржаў-удзельніц, якія сумесна вызначаюць яе палітыку. Больш чым у 100 развіваючыхся краінах дзейнасць IFC дазваляе кампаніям і фінансавым установам на фармуючыхся рынках ствараць працоўыя месцы, забяспечваць падатковыя паступленні, удасканальваць карпаратыўнае кіраванне і экалагічныя паказчыкі дзейнасці, а таксама садзейнічаць мясцовым супольнасцям.

Такім чынам, шляхам стварэння новых рынкаў IFC спрыяе генерацыі новых магчымасцяў для прыватнага сектара і, у канчатковым выніку, эканамічнай устойлівасці краін, дзе яна працуе.

IFC І БЕЛАРУСЬ

У лістападзе 1992 года Рэспубліка Беларусь першай з краін СНД падпісала адпаведныя пагадненні і стала членам Сусветнага банка і IFC, што паклала пачатак развіццю паўнавартнаснага супрацоўніства з гэтымі аўтарытэтнымі арганізацыямі.

Беларусь мае шматгадовы канструктыўны досвед узаемадзеяння з IFC. Гэты міжнародны фінансавы інстытут з’яўляецца адным з найбуйнейшых інвестараў, а таксама найважнейшым экспертам у пытаннях удасканалення рэгуляторнага асяроддзя для бізнесу ў Беларусі. Дзякуючы ўстойлівым партнёрскім адносінам з IFC краіна атрымала магчымасць выкарыстоўваць яе патэнцыял для паспяховага рэфармавання эканомікі ў бок рынкавай.

На 1 студзеня 2020 года IFC уклала больш за 850 млн. долараў ЗША ў 60 інвестыцыйных праектаў па развіцці прадпрыемстваў прыватнага сектара Беларусі, а таксама па вылучэннi камерцыйным банкам фінансавання для наступнага крэдытавання прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, энергаэфектыўных праектаў і інш. Кароткатэрміновае і доўгатэрміновае фінансаванне IFC спрыяла адкрыццю новых рынкаў, развіццю знешняга гандлю і павышэнню даступнасці фінансавання для беларускага бізнэсу.

Акрамя таго, IFC аказвае кансультатыўнае садзейнічанне Ураду Рэспублікі Беларусь па паляпшэннi ўмоў для прыцягнення прамых замежных інвестыцый, па ўдасканаленні рэгуляторнага асяроддзя для бізнесу, па падтрымцы і стварэннi ўмоў для развіцця суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу, па стварэнні электроннага рэестра адміністрацыйных працэдур для бізнесу, а таксама па паляпшэннi доступу да фінансавання для беларускіх кампаній шляхам удасканалення сістэмы забяспечаных здзелак.

На перыяд 2019-2022 гг. IFC заключыла чатыры пагадненні, накіраваных на аказанне кансультатыўнай падтрымкі органам дзяржаўнага кіравання Беларусі:

  • З Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю – з мэтай фармавання і развіцця канкурэнтнага асяроддзя, прыцягнення інвестыцый, павышэння патэнцыялу супрацоўнікаў МАРГ і іншых дзяржаўных органаў;
  • З Міністэрствам эканомікі – аб садзейнічанні развіццю малога і сярэдняга бізнесу, удасканаленнi рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці і правядзенні сумесных мерапрыемстваў у сферы развіцця эканомікі і прадпрымальніцтва;
  • З Нацыянальным банкам – аб садзейнічанні павелічэнню колькасці здзелак з забеспячэннем ў выглядзе рухомай маёмасці для паляпшэння доступу да фінансавання суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу і іх устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь;
  • З Дзяржстандартам – аб сумеснай працы ў сферы ўдасканалення інфраструктуры якасці, у прыватнасці, забеспячэнні міжнароднага прызнання беларускай сістэмы акрэдытацыі для скарачэння экспартных выдаткаў бізнесу і стварэння інфармацыйнай базы дадзеных акрэдытаваных суб'ектаў.

Бягучая Стратэгія Групы Сусветнага банка ў Беларусі скіравана на падтрымку ўстойлівага росту і павышэння ўзроўню жыцця з акцэнтам на тры ўзаемазвязаныя тэматычныя вобласці: (i) стварэнне магчымасцяў для росту прыватнага сектара і павышэння эфектыўнасці дзяржаўных інвестыцый, (ii) падтрыманне высокага ўзроўню чалавечага патэнцыялу, (iii) узмацненне ўкладу інфраструктуры ва ўпраўленне змяненнем клімату, эканамічны рост і развіццё чалавечага патэнцыялу.

IFC выкарыстоўвае ўласныя прадукты і паслугі, аднолькава як i прадукты і паслугі іншых інстытутаў, што ўваходзяць у Групу Сусветнага банка, каб прапанаваць сваім партнёрам рашэннi з максімальна станоўчым уплывам на развіццё. Мы задзейнічаем наш фінансавы патэнцыял, тэхнічныя веды, глабальны вопыт і наватарскае мысленне, каб дапамагаць нашым партнёрам у пераадоленні фінансавых, аперацыйных і палітыка-эканамічных цяжкасцяў.

У Беларусі: з лістапада 1992 года

Месцазнаходжанне: Мiнск

Важныя публiкацыi: Гадавая справаздача IFC за 2019 год: Investing for Impact